частка ўсх. ўзбярэжжа Чорнага м., што працягваецца на 600 км ад г. Анапа (Расія) да мяжы Грузіі з Турцыяй. На Пн абмежавана адгор’ямі Вял. Каўказа, на Пд — Калхідскай нізінай і адгор’ямі М. Каўказа. Клімат субтрапічны, у паўн.-зах. частцы (да г. Туапсэ) міжземнаморскага тыпу, з сухім летам (сярэднія т-ры ліп. 23 °C, студз. 3 °C), у паўд.-ўсх. — субтрапічны вільготны (сярэднія т-ры ліп. 24 °C, студз. 5 °C). Ападкаў за год ад 500 мм на Пн да 2800 мм на Пд. На Пн лясы і ксерафітныя хмызнякі тыпу шыбляку. На Пд шыракалістыя лясы з каштану, грабу, буку і інш. з ліянамі і вечназялёнымі хмызнякамі ў падлеску. Шматлікія насаджэнні цытрусавых, плантацыі чаю, тытуню, вінаграднікі. Адзін з найб. папулярных турысцкіх і курортных рэгіёнаў Расіі і Грузіі (з прычыны грузіна-абхазскага канфлікту 1990-х г. курорты Грузіі ў заняпадзе); курортны сезон 140 дзён. Уключае клімат. і бальнеалагічныя курорты Анапа, Геленджык, Сочы, Гагра, Гудаута, Сухумі, Кабулеці, Батумі і інш., воз.Рыца, Каўказскі запаведнік, Піцунда-Мюсерскі запаведнік і інш., шматлікія літ.-мемарыяльныя і гісторыка-культ. мясціны і музеі.
Літ.:
Пачулиа В.П. Черноморское побережье Кавказа. М., 1980.